Государственное учреждение образования "Средняя школа №1 г.п.Кореличи"
Отдел образования Кореличского районного исполнительного комитета
8 красавіка 1957 года на пасаду дырэктара Карэліцкай школы быў прызначаны Міхаіл Паўлавіч Бельскі.
Лёс дырэктара Карэліцкай школы Бельскага М.П. склаўся даволі драматычна. Як сведчаць дакументы з яго асабістай справы, нарадзіўся ён у 1920 г. у в.Шмялі Барысаўскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1928-1938 гг. вучыўся ў Зэмбінскай СШ, пасля заканчэння паступіў на гістарычны факультэт БДУ і ў 1941 г. скончыў 3 курсы. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны пайшоў на ўсход і 13 ліпеня 1941 г. у Сухініцкім РВК Смаленскай вобласці ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Спачатку быў курсантам вучэбнай каманды ў г. Яфрэмаў Тульскай вобл., у маі 1942 г. скончыў пяхотнае вучылішча, атрымаўшы званне лейтэнанта, і з 30 мая 1942 г. знаходзіўся ў дзеючай арміі ў складзе 192 стралковай дывізіі 676 стралковага палка у якасці камандзіра ўзвода. У пачатку ліпеня ў складзе 676 стралковага палка быў накіраваны у Сталінградскую вобласць на Паўднёва-Заходні фронт, дзе яго прызначылі памочнікам камандзіра мінамётнай роты. Полк, у якім знаходзіўся Міхаіл Паўлавіч, трапіў у варожае акружэнне. Спробы прарвацца з акружэння былі безвыніковымі, і 30 чэрвеня 1942 г. лейтэнант трапіў у палон. У 1942-43 гг. знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных у Нюрнбергу, а потым разам з 1500 афіцэрамі быў вывезены ў Нарвегію на востраў Шторфозен (Атлантычны акіян), дзе і знаходзіўся да канца вайны. У маі 1945 г. быў вызвалены англічанамі і вярнуўся на радзіму. Прайшоўшы праверку, восенню 1945 г. працаваў старшым інспектарам па кадрах у будраёне г. Дрыса, у канцы лістапада 1945 г. адкамандзіраваны ў 362 с.п., адкуль і дэмабілізаваны ў званні лейтэнанта.
Са студзеня 1946 г. Міхаіл Паўлавіч працаваў настаўнікам ў Смольчыцкай НСШ Карэліцкага раёна, ў жніўні быў пераведзены выкладчыкам гісторыі ў Карэліцкую СШ. 15 кастрычніка быў прызначаны дырэктарам Карэліцкай школы рабочай моладзі, адначасова ён заканчваў вучобу на гістарычным факультэце БДУ. У 1949 г. атрымаў вышэйшую адукацыю, пазней быў прызначаны намеснікам дырэктара Карэліцкай СШ. За час працы намеснікам і дырэктарам праявіў сябе як высокакваліфікаваны педагог і здольны кіраўнік, які ўмела накіроўваў вучэбна-выхаваўчы працэс, таму невыпадкова вопытнага настаўніка, што карыстаўся аўтарытэтам сярод настаўнікаў раёна, вучняў і грамадскасці, прызначылі дырэктарам школы. Ён шчодра дзяліўся сваімі ведамі з іншымі настаўнікамі, а маладым педагогам мог умела і тактоўна даць добрую параду.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 18 снежня 1968 г. Міхаілу Паўлавічу Бельскаму было прысвоена ганаровае званне заслужанага настаўніка БССР. На пасадзе кіраўніка ён знаходзіўся да 1972 г., а потым працягваў працаваць настаўнікам гісторыі. Урокі ён праводзіў так, што многія вучні былі зацікаўлены гісторыяй, якую ён заўсёды цесна ўвязваў з гісторыяй свайго краю. Гэта выклікала жаданне ў вучняў больш даведацца пра падзеі, што адбываліся на нашай зямлі. Міхаіл Паўлавіч першы з настаўнікаў пачаў займацца зборам экспанатаў для будучага школьнага музея. І цяпер экспазіцыя, прысвечаная жыццёваму і прафесійнаму шляху М.П.Бельскага, займае пачэснае месца ў школьным музеі «Спадчына».